«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мурауёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.А.Тарасава.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)